Як многім вядома, у красавіку ў Беларусі праходзіць фэст экскурсаводаў, адметнай рысай якога з’яўляюцца бескаштоўныя экскурсіі ад прафесійных гідаў і аматараў па ўсёй краіне. Аднак, не гледзячы на меркаванне шматлікіх «мінчукоў», жыццё ёсць таксама і за МКАДам, таму ў нядзелю я з Лізаю наведалі Барысаў. А калі быць дакладней, экскурсію «Известный Неизвестный Борисов». А каб дадаць крыху спойлераў, дадам, што экскурсія ўключала ў сябе сам горад Барысаў, арганны тэматычны канцэрт у касцёле, наведванне царквы старавераў, а таксама назіранне, як уніфармісты паляць з гарматы.
Сама экскурсія была аўтобусна-пешаходнай, а месцы на яе па анлайн-запісу скончыліся даволі хутка. А яшчэ гэта быў першы досвед вандроўкі менавіта на турыстычным аўтобусе, з паўнавартасным гідам і некалькімі дзесяткамі людзей. Экскурсавода звали Калачова Вольга.
Дарэчы, спачатку, калі прачытаў абвестку пра экскурсію, узніклі сумневы, якім чынам будзе падавацца інфармацыя, ці не ператворыцца вайна 1812 года на нашай тэрыторыі ў айчынную вайну, якая, канешне для нас не была такой. Тым, каму гэтая інфармацыя падаецца дзівоснай, раю узгадаць, што за дваццаць год да асноўных падзей да 1795 года наш народ меў сваю дзяржаўнасць, свае законы і гонар. Таму і вайну Напалеона з Расейскай імперыяй успрыняў па-рознаму. Хтосьці убачыў шанец вярнуць Рэч Паспалітаю, а хтосьці наадварот, імкнуўся дапамагчы імперыі. Таму гэтая вайна была грамадзянскай, кроў лілася з абодзьвух бакоў.
Першая частка экскурсіі — гэта вандроўка па Барысаву цягам некалькіх часоў. Як я ўжо раней акрэсліваў, нажаль, турызм у Беларусі пабудаваны ў тым ліку і на фантазіі падарожнікаў. За шматлікімі войнамі і мірным камуністычным часам ад нашых гарадоў не вельмі шмат чаго засталося, таму тут заўсёды дапамагаюць старыя фатаздымкі, артыкулы, ды малюнкі Напалеона Орды. Дарэчы, прашу мне дараваць, аднак я не буду намагацца пераказаць поўны змест экскурсіі, у гэты раз менавіта гістарычная частка будзе сціплай. А вось асноўныя кропкі — калі ласка.
Першыя пару гадзін раз’язжалі па Барысаву, праглядалі старыя фатаздымкі ды слухалі цікавыя гісторыі гіда. Таксама заехалі на месца, дзе зараз знаходзяцца рэшткі турмы XIX стагоддзя.
Аднак гэта яшчэ не ўсё. Менавіта тут знаходзіцца Барысаўскі замак XII стагоддзя. Калі два стагоддзя таму будавалі цагляную турму, яе збудавалі наўпрост на рэштках гэтага замка. Такім чынам, замак зараз закансернаваны некалькімі пластамі зямлі. Таму, у будучыні, калі з’явяцца сродкі, ёсць магчымасць краіне прыдбаць і такую каштоўнасць.
Ну а потым, на мой погляд, была найлепшая частка экскурсіі — тэматычны канцэрт у касцёле.
Сам Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў пабудаваны ў 1823 годзе, перажыў цяжкія часы, аднак зараз паступова аднаўляецца.
А ў самім касцёле нас ужо чакаў квартэт «Модус», які складаўся з аргана, дзвух скрыпак і кларнэту.
Перад кожнай кампазіцыяй экскурсавод Вольга выдатнымі кароткімі прамовамі стварала атмасферу, мы альбо пераносіліся на бал часоў Рэчы Паспалітай, альбо ў цяжкія часы вайны 1812 года. Канцэрт, доўжыўся, напэўна каля паўгадзіны, але, канешне, хацелася б паслухаць яшчэ. Аднак наперадзе было яшчэ шмат цікавага, таму рушылі ў аўтобус.
Ну а потым рушылі ў Пакроўскую стараверскую царкву, якая, дарэчы, датуецца XIX стагоддзем.
Настаяцель парафіі падрабязна распавёў пра гісторыю царквы ды пра асноўныя адрозненні ад агульнапрынятага праваслаўя. Усё было спакойна і досыць цікава. Аднак напрыканцы адна жанчына стала пытаць у яго пытанні, а пры адказе настаяцель магчыма справакаваўся і пачаў выказвацца, што гэта сатаністы ставяць крыж у галавы на могілках, а яны ставаць у ног, каб чалавек падняўся і адразу на крыж. А таксама тое, што на Захадзе д’ябал. Вось гэты пункт гледжання ўжо не спадабаўся, не вельмі талерантна скончылася гэтая прамова.
Ну а самы вядомы будынак Барысава — гэта Сабор Уваскрэшання Гасподняга, які датуецца 1874 годам. На фатаздымку, нажаль, выйшаў не вельмі прыгожа. Да і надвор’е не спрыяла.
А яшчэ, у Старабарысаве, знаходзіцца сядзіба Радзівілаў. Дакладнее, першы паверх. Калі яшчэ дакладней, зараз яна выглядае зусім не так, як выглядала пару стагоддзяў таму.
Ну а ад будынка, дзе ночыў аднойчы Напалеон, засталіся толькі падмуркі
А тая самая славутая Бярэзіна, напэўна самая нелюбімая рака французаў, зараз выглядае вось так. Па словам гіда, раней усю гэтую плошчу займала вада, і перабрацца на другі бераг было вельмі складана.
Пасля быў прыпынак у вёсцы Сцюдзенка на могілках французскіх войскаў. Калі дакладней, могілак рэштак тых, хто быў знойдзен, ды перахаваны менавіта тут. Каб абараніць могілкі ад таго, каб мясцовыя жыхары тут таксама здзейснялі пахаванне, была пастаўлена агароджа на столькі, сколькі можна.
Яшчэ адна гісторыя пра гэтае месца. Каля Сцюдзёнкі знаходзіцца яшчэ адзін помнік, які быў усталяваны дзякуючы фундатарству Швейцарыі. Але не ўсё так празрыста. Еўрапейцы выдзелілі грошы на помнік, паспадзяваліся, што беларусы зробяць усё як трэба і забыліся. А ў дзень адкрыцця помніка пабачылі вось гэта. Як высветлілася, гэты помнік зрабіў той жа скульптар, які рабіў помнік князю Барысу каля сабора . І тут ён не стаў ускладняць сябе задачу, а проста раздзеў князя ды паклаў яго на камень. Ну і крыху змяніў знешне. Швейцарцы, канешне, былі вельмі недавольны, таму што не зразумелі, што робіць пасярод поля напаўголы мужчына і ўвогуле, які бок вайны ён ажыццяўляе.

Ну а напрыканцы прыехалі на Брылёўскае поле. Месца, куды Напалеон перайшоў Бярэзіну з вёсцы Сцюдзёнка. Тут знаходзіцца ўжо чатыры помніка, і ўсе яны зроблены не нашай дзяржавай. А страты менавіта нашага народа тут былі вялізарныя.
Першы — савецкі, пастаўлены ў 1960тых, з пампезным надпісам аб перамозе над французскімі захопнікамі.
А вось помнік з расейскага боку з двухгаловым арлом
І яшчэ адзін помнік — помнік, пастаўлены французскім ваярам. Менавіта гэты кавалак зямлі Францыя выкупіла ў сваё асабістае карыстанне.
Яшчэ адзін цікавы момант, які паведаміў нам наш гід. Калі французы захацелі сімвалічна пахаваць тут рэшткі свайго салдата, нашыя ўлады выклікалі ў іх нямалае непаразуменне. Таму што паводле нашым законам, каб пахаваць тут людзей, неабходна стварыць мемарыяльны комплекс, а гэта цягне за сабою дырэктара, зама, бухгалтара і яшчэ некалькі вельмі важных для кавалка зямлі пасярод поля асоб. Французы канешне не пагадзіліся, доўга вывучалі своды беларускіх законаў, і нарэшце знайшлі выйсце. Пахавалі рэшткі аднаго з салдатаў на прыступку ніжэй, чым сам помнік.

Ну а напрыканцы, на полі заставалася тры ўніфарміста, якія дзеля нас крыху пастралялі з гарматы. Дарэчы, вельмі гучна, асабліва калі блізка стаяць.
На гэтым экскурсія і скончылася. Нас адвезлі назад у Барысаў, мы падзякавалі экскурсаводу Вользе(вось, дарэчы, іх сайт), і рушылі зноў у Мінск. Усім дзякуй за увагу:)