Дзякуючы ровару усё менш і менш застаецца кропак вакол Менска, дзе можна павандраваць не толькі з карысцю для здароўя, але і даведацца новае ды цікавае пра сваю краіну. Таму шлях на цягніку займае часу ўсё больш і больш. У гэты раз гэта Заходняя Беларусь. Касцёл у Солах, легендарнае Крэва, музей Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, Смаргонь ды іншае.
Умёр бы то, мусіць, я тут. Каб не жменька той роднай зямлі…
Францішак Багушэвіч
Калі крыху праехаць ад аднаіменнага чыгуначнага прыпынку Солы, можна трапіць і ў саму вёску. Тут знаходзіцца вельмі прыгожы ды адметны касцёл Маці Божай Ружанцовай, які быў пабудаваны ў 20х-30х гадах XX стагоддзя.
Ад Сол шлях ляжаў зусім у іншы бок, але я не мог не абмінуць вёску Івашкоўцы. Што ў ёй цікавага? У самой вёсцы я не быў, але на яе ўскрайку знаходзіцца капліца з адметнай неагатычнай архітэктурай. Сама яна была пабудавана ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Калі ў Солах касцёл яшчэ не быў пабудаваны, капліца ажыццяўляла яго функцыі.
Надвор’е ў той дзень крыху сумавала, таму і фатаздымкі такія выйшлі, за што крыху выбачаюся. Але часам у гэтым былі і плюсы:
Далей рушыў у напрамку Кушлянаў, дзе зараз знаходзіцца музей-сядзіба Францішка Багушэвіча.
Праз нейкі час я ўжо праехаў Кушляны і амаль страціў надзею знайсці музей, калі ён паказаўся на ўзгорку.
Увогуле, лічу, што такія мясціны і ёсць сапраўдная Беларусь. Яе не так проста знайсці, яна недзе сярод палёў і лясоў, аднак не гледзячы на гэта, на пагорках. І мае вялікую моц.
Францішак Багушэвіч(1840 – 1900) займаўся літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, і ўвогуле, лічыцца адным з пачынальнікаў беларускай літаратуры. У 1863-1864 гадах актыўна прымаў удзел у паўстанні, а потым знаходзіўся ў вышуку. З-за чаго быў вымушаны з’ехаць з радзімы. У 1884 годзе вярнуўся. Свае ж творы Багушэвіч падпісываў псеўданімамі і пры яго жыцці ягоныя творы былі забаронены. Ну а большасць яго ведае па яго знакамітай прамове да Дудкі Беларускай:
Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая.
Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.
…
Мацей Бурачок
Сам музей уяўляе сабой сядзібу, якую пабудаваў Багушэвіч у 1896м годзе і якая была адноўлена ў 90х гадах 20га стагоддзя.
Нажаль, загадчыка музей на месцы не было, дзверы мне адчыніла дабразычлівая жанчына, але распавесці пра музей яна не змагла.
Музей — гэта абноўленыя гасцёўня і кабінет, а таксама экспазіцыя з рэчамі, якія тым ці іншым чынам былі звязаны з Багушэвічам.
Напрыклад, удзел Багушэвіча ў паўстанні Кастуся Каліноўскага.
Старонка з мужыцкай праўды
Таксама тут знаходзілася выява таго самага мастака Язэпа Драздовіча, помнік якому стаіць у Менску. Што ён тут робіць, невядома. Дарэчы, было шмат элементаў, якія былі зроблены Янушкевічамі, тымі самымі з знакамітай арт-галерэі ў Ракаве.
Так, загадчыка музея не было, таму ўжо дома глянуў відэа з тэлеканала Белсат, каб удакладніць веды. Можа каму будзе цікава.
Тым часам вецер у твар толькі мацнеў. Але я ведаў, што праз якіх 10-20 кіламетраў я паеду ўжо па ветру, ды буду ляцець як птушка. Як дарэчы і здарылася.
Рэшткі млына па дарозе
А наступнай кропкай у вандроўцы была вёска Баруны.
Мясцовасць Ашмянскага ды Смаргоньскага раёнаў мае шмат пагоркаў, таму сам касцёл заўважыў толькі калі наблізіўся да яго. Надвор’е, як я ужо падрэсліваў, для фатаздымкаў было не вельмі спрыяльнае, але паверце, касцёл ураджвае. Сам касцёл быў пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя і мае назву Касцёл Сьвятых Пятра і Паўла.
А на яго падворках знаходзяцца жылыя карпуса манастыра базіліян, пабудаванага ў 1793 годзе. Зараз яны не ў зусім добрым стане, як бачна на фатаздымку.
Шыльда на будынку манастыра
Але Баруны гэтым не абмяжоўваюцца. Калі праехаць на ўскраек вёскі, можна знайсці могілкі нямецкіх ваяроў часоў Першай сусветнай вайны. Амаль ідэальна роўныя каменныя крыжы, ды толькі некалькі з іх крыху выдаюцца з строю.
Але ў цэнтры могілак крыжы проста ляжаць у адной кучы.
Пасля Баруноў ехаць стала крыху лягчэй. Па дарозе на Крэва трапіўся вось такі ДАТ. Шыльда дрэнна бачнымі літарамі сведчыла аб тым, што ён застаўся з тых часоў, што і могілкі на папярэдніх здымках.
У Крэве я ўжо быў каля дзвух год таму, аднак не мог і зараз абмінуць гэта месца.
Крэва – адно з тых месцаў, якое памятаю па падручнікам яшчэ са школы, і заўсёды, калі чую гэту назву, разумею, што з ім звязаны вялікія гістарычныя падзеі. Гэта нашыя моц і боль адначасова.
Што такое зараз Крэва? Мястэчка, дзе па дадзеных перапісі ў 2010 годзе жыве крыху болей за 600 чалавек. Аднак так было не заўсёды. Мястэчка ў XIII стагоддзі было далучана да ВКЛ, а ў наступным стагоддзі становіцца цэнтрам Крэўскага княства. І менавіта тут была падпісана знакамітая Крэўская ўнія 1385 года, паводле якой літоўскі князь Ягайла ўступаў у шлюб з польскай каралевай Ядзвігай ды станавіўся польскім каралём.
Унія была падпісана ў Крэўскім замку, пабудаваным у тым жа XIV стагоддзі. У гэтым жа замку быў задушаны князь Кейстут, тут жа сядзеў у вежы палонны Вітаўт, аднак яму давялося збегчы.
Сам замак быў разбураны ў XVI стагоддзі падчас вайны з Масковіяй, а ў час Першай сусветнай вайны быў канчаткова знішчаны. Менавіта тут праходзіў фронт расейскіх і нямецкіх войскаў.
Таму мы і маем сёння тое, што маем. Канешне, былі спробы кансервацыі палякамі ў 1929 годзе. Аднак мінула ўжо стагоддзе, а замак разбураецца сам па сабе. Гэта нават не рамантычныя руіны Гальшанскага замка, якому, калі параўноўваць, пашчасціла значна больш.
Шыльда каля замку. Два гады таму яе не было.
Яшчэ ў Крэве можна пабачыць царкву Аляксандра Неўскага 1854 года пабудовы. Фатаздымак з ёю я б назваў сустрэчай гісторыі з сучаснасцю.
Гледзячы на касцёл Насвяцейшай Панны Марыі ў Крэве адразу цяжкавата вызначыць год пабудовы. Аднак, гэта ўсяго 1995 год, хаця выглядае значна старэйшым.
Крэва выдатна памятае беларускае минулае, таму на цэнтральнай вуліцы крама мае назву Рагнеда.
Крэва – вельмі цікавае месца, але час рухаць далей.
Наступнай кропкай у маёй вандроўцы была вёска Наваспаск.
Тут знаходзіцца Свята-Праабражэнская царква другой паловы XVIII ст., а калі быць дакладней, то яе рэшткі.
У час Першай сусветнай вайны тут пралягала мяжа фронту, а царква знаходзілася на значнай вышыні. І таму на ёй можна заўважыць сляды шматлікіх куль.
Яшчэ адзін цікавы факт. Калі заходняй часткай валодалі немцы, а ўсходняй рускія, немцы падманулі рускіх ды зрабілі выгляд, што пакідаюць пазіцыі. Справа ў тым, што ў канцы вёскі знаходзілася броварня. І калі яе занялі рускія, то яны выпілі ўсё піва. А праз некаторы час немцы перайшлі ў наступ ды цалкам захапілі вёску.
На шляху з Наваспаска да Смаргоні трапіўся яшчэ адзін ДАТ, які выглядаў як падарваны. Першая сусветная пакінула вельмі шмат сваіх слядоў.
Нарэшце даехаў і да Смаргоні. Да цягніка яшчэ заставалася гадзіна, таму, каб не марнаваць час, вырашыў крыху паглядзець горад.
Калі праехаць крыху ў цэнтр, можна пабачыць Касцёл Святога Міхаіла (колішні кальвінскі збор).
Ён быў пабудаваны ў XVII стагоддзі і з’яўляецца выдатным помнікам мураванай архітэктуры. Ён мае лёс вельмі падобны на лёс іншых касцёлаў у Заходняй Беларусі. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ператвараецца ў царкву, пасля рэвалюцыі і да 1946 года дзейнічае як касцёл. Пасля быў зачынены ўладамі. Але з цягам часу быў адрэстаўраваны ды зноў перададзены каталікам. Вось такая вось гісторыя.
Некалькі гадоў таму ў Смаргоні прайшоў дзень пісьменнасці, у межах якога быў усталёваны помнік Францішку Багушэвічу, пра якога ішла гаворка крыху вышэй.
Ну а далей, як заўсёды, цягнік да Мінска. На гэтым ўсё, дзякуй за увагу.
Сакавік 2016