Чарговая роварная вандроўка, у гэты раз па Смаргоншчыне ды Вілейшчыне. А калі быць дакладней, у тым ліку, і па месцах Першай Сусветнай вайны. Вядома ж, што ваявалі ў той час менавіта імперыі, але рукамі і нашага народа таксама. Да таго ж, заехаў у ўнікальны беларускі музей у вёсцы Заброддзе, дзе акрамя артэфактаў Першай Сусветнай знаходзяцца яшчэ розныя рарытэты савецкага машынабудавання.
Даўно ўжо не пісаў пра свае роварныя вандроўкі, але гэта ўсё не з-за таго, што іх не было. Былі, і досыць цікавыя. Гэта і крэйдавыя азёры пад Ваўкавыскам, і балотна-чыгуначныя прыгоды пад Рудзенскам, і цудоўныя лясы пад Стоўбцамі. Аднак не ў гэты раз. Зараз Смаргоншчына. Так, допіс пасля перапынку выйшаў крыху сыраватым, але як ёсць.
Напэўна, мой самы ўлюбены напрамак. А калі дадаць да яго яшчэ і Маладэчна-Ліда, то ўвогуле, можна выйсці амаль на кожным прыпынку, ды знайсці штосьці цікавае.
Гэты ж дзень пачаўся з Смаргоні ды цудоўнага расвета над Віліяй. Раней ужо бачыў гэтую раку, але не думаю, што яна можа быць такой прыгожай. Пад Вілейкай выглядае не вельмі прывабна. Трэба абавязкова вярнуцца

Крыху ад’ехаўшы ды набраўшы хуткасць, амаль не зваліўся з ровара. Побач на полі стаялі чатыры касулі ды пазіралі на мяне. Пакуль я злез з ровара, яны ўжо амаль паспелі ўцячы.
Каб ехаць карацей ды цікавей, вырашыў ехаць берагам Віліі. Перадзімовае сэлфі
Цудоўная сцяжына вяла па беразе Віліі і паступова знікала. Аднак, я ізноў яе знаходзіў і ехаў далей.

А праз некаторы час я выехаў я на тым жа самым месцы, дзе зрабіў сэлфі. Гэта значыць пакружыў ды вярнуўся. Я вырашыў не марнаваць час, адкласці пляны на наступны раз. А калі спыніўся каля леса, то падалося, што так нават лепей. Адна з аграсядзіб прапанавала роварны маршрут праз лінію фронту часоў Першай Сусветнай ды розныя нямецкія ўмацаванні праз лясы. Трэба адкласці гэты маршрут у памяці.
Таму ў гэты дзень заставаўся толькі асфальт. На шчасце, дарога была амаль без машын, паабапал быў лес альбо крыху забалочаная мясцовасць.
Па дарозе сустрэў першы на дзень помнік часоў Першай Сусветнай. Як вядома, на Смаргоншчыне цягам часу праходзіў той самы фронт Першай Сусветнай, таму і саміх беларусаў тут палегла нямала.
Што датычыцца гэтых мясцін, то на Смаргоншчыне фронт трымаўся болей двух гадоў, а саму Смаргонь празвалі «мёртвым горадам» за вялічэзныя разбурэнні.
Ну а галоўнай мэтай гэтага дня была вёска Заброддзе. Неяк выпадкова даведаўся пра гэта месца, запомніў, а неўзабаве залез на сайт. Выглядала вельмі прывабна. Сам комплекс досыць вялікі, некалькі хат, якія можна здымаць для часовага пражывання, сенавал, пляцоўка для намётаў, ды плошчы саміх музеяў.
Некалькі хвілін пачакаў адну з гаспадынь музея, якая і адчыніла мне дзверы.
Спачатку правяла мяне па тэрыторіі, паказала месца, дзе Васіль Быкаў у васьмідзесятых гадах саджаў дрэвы, потым падышлі да Барысаглебскай капліцы, дзе і знаходзіцца музей Першай Сусветнай.
Тут знаходзіцца немала сведчаннях тых часоў, як дакументы, побытавыя рэчы і часткі зброі. Сам музей прыватны і не мае дзяржаўнага статусу, таму фінансаванне паступае, у асноўным, толькі з наведвальнікаў.
Ён ўяўляе сабой экспазіцыю ў новапабудавай часоўні(2006 год).
У дробненькім пакоі знаходзіцца вельмі шмат розных артэфактаў гэтых часоў, якія былі знойдзены на Вілейшчыне, альбо пераданы з іншых месцаў краіны.
Артэфактаў, сапраўны, нямала
Крыху асобна стаяць некалькі вагонаў на чыгуначных рэйках. Музей знаходзіцца ў пастаянным абнаўленні, а зараз чарга гэтых вагонаў, якія пакрысе прынімаюць адпаведны музею выгляд.
Яшчэ адна частка аграсядзібы “Заброддзе” — музей рэтратэхнікі. Гэта шматлікія савецкія(а мабыць і не толькі) аўто.
Рознага стану і якасці.



А для асабліва настальгуючых па савецкім часінам — розныя артэфакты тых часоў.
А калі яшчэ дадаць імправізаваную чаргу і выдаць талоны на гарэлку, то ўвогуле можна ўявіць сябе савецкім чалавекам.
А вось гэтаму хлопцу месца толькі ў музеях
Потым гаспадыня мяне крыху пачаставала гарбатай і здзівілася, як я ўвогуле езджу ў такое надвор’е. Але ж гэта яшчэ цёпла!
Яшчэ адзін прыпынак быў у лесе за вёскай. Тут знаходзяцца могілкі вайскоўцаў Расейскай імперыі.
Крыху далей быў камень з высечаным мячом, але што ён дакладна азначае, не ведаю. Няхай таксама будзе тут
Яшчэ адзін след, які пакінула Першая Сусветная — ваенны лазарэт, а калі дакладней, то толькі месца яго дыслакацыі па два бакі ад адпаведнага камня.
На гэтым усё. Першая Сусветная вайна — досыць цікавая тэма, але ўвага людзей абыходзіць яе бокам. Так, гэта была вайна імперыяў, аднак нельга казаць, што беларусаў яна не закранула. І палегла нямала беларусаў. Дарэчы, гэтай тэме прысвечаны раман Максіма Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне”, растралянага ў 1937 крывавымі саветамі.
Да Вілейкі было яшчэ 15 кіламетраў, аднак праляцеліся яны даволі хутка. Увогуле, за дзень каля 60км.
19 лістапада 2016