Вёска Смаляны мае насычаную, поўную гістарычных падзей спадчыну. Гэта можна знайсці не толькі ў розных папяровых крыніцах, але і пабачыць сваімі вачыма. Менавіта тут захаваліся рэшткі касцёла, царквы ды нават замка. І ўсё гэта XVII — XVIII стагоддзяў. А калі да гэтага яшчэ дадаць ровар ды прыгажосць перадзімовага марознага надвор’я, то ўвогуле выходзіць выдатная вандроўка.
Бліжэйшы да вёскі чыгуначны прыпынак знаходзіцца досыць далёка ад Мінска, таму ехаць да яго трэба каля трох с паловай гадзін на электрычцы. Але, што б не казалі ворагі гэтых не вельмі ўтульных цягнікоў, яно таго варта.
Пачалося ўсё з раніцы на прыпынку Галошаўка. Тут выйшаў толькі я адзін, і ўжо літаральна праз хвіліну быў толькі я і ровар. Цягнік імчаў далей да Воршы(канешне, калі яго хуткасць можна назваць імчаннем).
Калі весці гаворку пра ранішную тэмпературу, то было каля 5-7мі градусаў холаду. Ну калі мой велакампутар не падманвае. Таму, каб адразу не змерзнуць, а холад ужо адчуваўся, трэба было адразу рухаць наперад.
С цягам часу крыху пацяплела, а таму я не мог не спыняцца перад прыгожымі восеньскімі краявідамі.
А калі ў лесе паглядзець уверх, то і ўвогуле можна заўважыць карціну, не зусім звыклую для мясцовая прыроды. Раптоўна, нашыя вечназялёныя дрэвы ператвараюцца ў сапраўдныя пальмы.
Неўзабаве даехаў і да Смалян. Калі казаць пра яго паходжанне, то заснавана гэтае мястэчка было ў 1484 годзе.
Першае цікавае месца — касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (XVII ст.) у стылі віленскага барока.
Зараз ён знаходзіцца ў жудасным стане, нават адсутнічае дах.
А мясцовая моладзь(ці ўжо не моладзь) клапоціцца аб навакольным асяроддзі і складуе смецце менавіта тут.
Не змог утрымаць сябе і зрабіў фатаздымак накшталту таго, які перамог на конкурсе фатаграфій беларускіх курсаў «Мовананова». Ня цяжка заўважыць, як дах становіцца тварам з вялікімі вачыма і шырока расчыненым ротам. Здаецца, што гэты твар жадае нешта паведаміць з сваіх шматлікіх успамінаў.
Пры жаданні можна падняцца па крутой, але не працяглай, лесвіцы на другі паверх
У некаторых месцах нават крыху правалілася падлога
А вось як касцёл выглядае з боку рэштак былога манастыра, які зараз наўпрост у руінах.
Калі казаць пра тыя будынкі, якім больш пашанцавала — то гэта Царква Праабражэння Гасподняга, якая датуецца XVIII стагоддзем.
Адсюль можна выдатна разгледзіць рэшткі замка Белы Ковель XVII ст, які быў пабудаваны па загаду князя Сямёна Сангушкі.
Нажаль, у XVIII стагоддзі пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай і Вялікай Паўночнай вайны замак прыйшоў у заняпад, і знаходзіўся ўжо ў руінах.
Захавалася толькі адна вежа, а таму вельмі цяжка ўявіць, як усё ж такі выглядаў замак.
Выгляд рэштак яшчэ з аднаго боку
Тое малае, што можа сведчыць пра колішні выгляд замка — гэта роў з вадою вакол вялікага плошчы зямлі, якая напэўна раней і належыла замку.
Цікавы факт, але нават не войны канчаткова разбурылі замак. А новы гаспадар расейскі сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу. Яшчэ дакладна вядома, што менавіта з гэтай цэглы і была пабудавана Царква Святога Аляксея, якая па нейкай гістарычнай іроніі таксама ў заняпадзе.
Купал царквы вельмі сіметрычны і, сапраўды, ўраджвае
А вось побач з царквою знаходзіцца капліца Сямёнавых. Здаецца, гэта не проста супадзенне.
На зваротнай дарозе ўсё так жа шанцавала з надвор’ем. Дзіўна, яшчэ некалькі дзён таму было адносна цёпла, а зараз рэкі ды азёры былі пад моцным льдом.
Увогуле накруціў каля 50 км, што не вельмі і шмат, калі параўноўваць с папярэднімі вандроўкамі. Але халодны вецер у гэты раз не вельмі спрыяў.
А хачу закончыць, як бы гэта пафасна не гучала з майго боку, радкамі Якуба Коласа(ды амаль адпаведным вершу фатаздымкам), якія калісьці прачытаў на камяні, недалёка ад аднаго з яго музеяў.
Колькі шуму ў нашым збожжы,
Спеву і гаворкі!
Як вы мілы, як прыгожы,
Родныя пагоркі!
Лістапад 2015