Можа назва гэтага артыкула крыху і здзіўляе, аднак гэта сапраўды так. Спалучэнне прыроды з яе ландшафтамі, ціхай Налібокскай пушчаю, шумлівымі ручаямі ды пакручастымі сцежкамі на пагоркі, а таксама выбітная архітэктура ў Валожыне, Івянцы і Пяршаях. У дадатак да гэтага ў другі раз пакарыў беларускі Эльбрус — гару Дзяржынскую(ўсё роўна была па дарозе). Таму запрашаю паглядзець.
Па старой беларускай традыцыі некаторыя чыгуначныя прыпынкі, якія маюць назву гарадоў, на самой справе могуць быць на адлегласці ад гэтага горада нанат на 20 км. Так здарылася і з прыпынкам Валожын. Да самога прыпынку яшчэ нямала круціць, але вясновы дзень ужо пачаўся.
Ну а Валожыншчына — гэта перш за ўсё імклівыя рэкі. Ну настолькі, насколькі яны могуць быць імклівымі ў Беларусі, краіне балот ды курганоў:)
Праз пару кіламетраў трапілася вёска Забрэжжа. Тут знаходзіцца Свята-Дабравешчанская царква 1867 года пабудовы. Пабудавана з бутавага камню.
А зусім побач бусел уладкоўвае сваё гняздо. Як справядліва адзначыў спадар Кулінковіч — бусел — сэкс-сымваль усёй Беларусі.
А яшчэ, Валожыншчына — гэта вельмі цікавы ланшафт, нямала пагоркаў, на некаторыя з якіх не так лёгка ўзабрацца. Але гэта каштуе таго. І акрамя гэтага тут лёгка дыхаецца, Налібокская пушча зусім побач.
Нарэшце дакаціў і да самога гораду Валожын. Дарэчы, калі едзеш па яго вуліцах, адчуваеш сябе амаль што ў Закапане(Польская горная сталіца), горад як на далоні, а вышыню часам трэба набіраць някепскую.
Першае, што трапілася ў вочы — гэта прыгожая драўляная Царква Роўнаапостальных Канстанціна і Алены 1866 года пабудовы. Дарэчы, гэтая царква не пацярпела аніякіх разбурэнняў пад час дзвюх сусветных войнаў.
Калі праехаць крыху далей, можна трапіць у самы цэнтр гораду, дзе можна знайсці крыху Грэцыі. Гэта я так называю касцёл Святога Иосіфа. Ну сапраўды ж падобны, так?
Будаўніцтва ж касцёла было распачата Тышкевічамі ў 1803 годзе і скончана ў 1816 годзе. Ён, як і шматлікія касцёлы Беларусі, мае складаную ды падобную на іншых, гісторыю, якую я скора ўжо буду дадаваць як шаблон. Ну як, гэта перабудова касцёла пад праваслаўны храм у 1866 годзе, гэта вяртанне касцёла каталікам у 1919, гэта разбурэнні пад час Другой Сусветнай вайны і гэта выкарыстоўванне памяшканняў пад склады. Нарэшце, у 90х гадах касцёл пачаў аднаўляцца і вынік гэтага можна пабачыць і сёння.
Але Тышкевічы былі не толькі фундатарамі касцёла. Тут, у Валожыне знаходзіцца палацавы комплекс Тышкевічаў. Ён сапраўды прыгожы, складаецца з некалькіх вялікіх будынкаў. Але дзе фатаздымкі, спытаеце вы? А нідзе. Зараз там знаходзіцца вайсковая частка, якая пільна сачыла за тым, каб я не фатаграфаваў гэтыя сакрэтныя аб’екты.
Аднак гэта яшчэ не весь Валожын. Яшчэ тут знаходзіцца будынак Валожынскай ешывы(пачатку XIX стагоддзя). Гэта, дарэчы, першая духоўная навучальная ўстанова ва Ўсходняй Еўропе па падрыхтоўцы равінаў. Зараз адноўлена, і напэўна не зусім падобна, што будынку болей за 200 год.
Калі ўжо выязджаць з Валожына ў бок Івянца можна пабачыць Свята-Увазнясенскую капліцу 1850 году. Пабудавана намаганнямі ўсё таго ж графа Тышкевіча для касцёла бернардзінцаў. У 1885 годзе перададзена праваслаўным.
І яшчэ крыху мясцовых краявідаў. І дадаць нават няма чаго.
Праз некалькі кіламетраў я ўзрадаваўся. Так, сапраўдная брукаванка! Калі лічыць, то гэта напэўна чацвёртая брукаванка ў Беларусі, якая мне трапілася. І зараз я маю на ўвазе па-за межамі гарадоў.
Але я рана ўзрадаваўся. Так, асабліва пад вясновым сонцам гасцінец глядзеўся вельмі прыгожа, аднак наперадзе было каля васьмі кіламетраў такой дарогі, што не вельмі зручна. За прыгажосць трэба плаціць. Дарэчы, знайдзіце жоўтую птушку:)
І так доўжылася да вёскі Даўбені. Тут знаходзіцца Спаса-Праабражэнская царква 1869 пабудовы. Дарэчы, вельмі падобная да храма ў вёсцы Забрэжжа. Ну і ўвогуле вельмі характэрная архітэктура для «пасля-Каліноўскіх» часоў.
Яшчэ крыху кіламетраў — і вось вёска Першаі. Яшчэ здалёк бачны вежы Касцёла Святога Юрыя і Маці Божай.
Касцёл пабудаваны ў 1935 годзе пры дапамозе Бенедыкта Тышкевіча. Ну а што здарылася ў 1960х і 1990х гадах — можна здагадацца па гісторыі касцёла ў Валожыне.
Крыху далей ляжыць вёска Баравікоўшчына, сумная гісторыя якой звязана і з Першаямі і з Другой Сусветнай вайною і нават з Папам Рымскім Янам Паўлам Другім. А справа была вось як:
У час Другой Сусветнай вайны падчас карнай аперацыі «Герман» фашысты спалілі некалькі дзесяткаў вёсак. Не абмінула бяда і вёску Пяршаі. І вось, больш за 200 чалавек выгналі на вуліцу і павялі да вёскі Баравікоўшчына. Да іх дабравольна далучыліся айцы Ахілес Пухала і Герман Стэмпень, якія служылі ў касцёле Святога Юрыя.
Камендант паліцыі, які быў католікам, загаддзя папярэдзіў іх аб будучай расправе, каб выратаваць. Аднак яны адказалі што не могуць пакінуць сваіх парафіян, ды адказалі:»Дзе авечкі, там і пастух».
Айцоў доўга катавалі ў камендатуры, а потым жорстка забілі ды спалілі на ўскраіне вёскі. А астатнім людзям замянілі смяротнае пакаранне на прымусовую працу пад Менскам.
А ў 1999 годзе Папа Ян Павел Другі прылічыў айцоў Ахілеса і Германа да ліку благаслаўлёных ў ліку 108 пакутнікаў Другой Айчыннай вайны
Але перанясемся ў канец XX стагоддзя ды ўспомнім пра іншыя пакуты для Валожыншчыны. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС радыяцыйнае воблака распаўсюджылася не толькі на поўдні Беларусі, але частка апынулася і тут. Напрыклад, у Налібокскай пушчы можна знайсці пакінуты і разбураны санаторый, дзе радыяцыі было найбольш. Таму і зараз можна заўважыць шыльды з перасцярогай:
Але хопіць пра сумнае. Канешне, магчыма гэта водар вясны крыху дзяўбануў мяне ў галаву, ды змена краявідаў у параўнанні з шэрым горадам сонца. Але пад час вандроўкі я не мог не спыняцца перад выбітнымі малюнкамі прыроды:
Ды шумлівымі ручаямі:
Крыху далей пабачыў раку Іслач. Я і раней чуў пра гэту Мекку для воднікаў, пра высокія маляўнічыя берагі. Але я і не чакаў, што рака будзе такой прыгожай, імклівай і празрыстай. Засталося пабачыць яе ўлетку(дарэчы, ужо пабачылі — чытаць тут).
Ну а наступны мой прыпынак — мястэчка Івянец. Дарэчы, вельмі прыемная знешне вёска. У цэнтры шмат крам, ёсць некалькі кафэ. А гледзячы на Івянец, можна і не пагадзіцца з меркаваннем, што зараз вёскі ў Беларусі пакрыху выміраюць.
А першая цікавостка ў Івянцы, гэта Касцёл Святога Міхала Арханёла (так званы «Белы касцёл») і кляштар францішканаў (1741—1749 гадоў пабудовы). Выгляд сапраўды ўраджвае, асабліва ў сонечны дзень.
А калі заехаць ва ўнутраны двор касцёла, можна пабачыць невялічкі звярынец з курамі, індыкамі, канём ды бараном, кафэ «У францішканаў», а таксама дзіцячую пляцоўку, якія я бачыў дагэтуль толькі ў Вільні ды Адэсе.
І крыху мясцовага стрыт-арту ў гэтым жа двары
А калі зайсці з другога боку, можна заўважыць вежу са сцяной, прымыкаючай да касцёла, а таксама манастыр францішканаў.
А зараз мой шлях вядзе на ўскраек вёскі, дзе знаходзіцца Касцёл Святога Аляксея, пабудаванага ў 1905-1907 гадах.
Знаходзіцца ён сярод каталіцкіх могілак, дзе сярод звычайных могілак, побач з касцёлам, можна пабачыць крыж у гонар Арміі Краёвай. Альбо вось такога выгляду пахаванне(можа хто ведае, ці мае які-небудзь важны сэнс менавіта драўляны крыж):
Пасля паўстання 1863-1864 гадоў не засталося каталіцкіх храмаў, таму вернікі былі вымушаны збірацца каля драўлянай капліцы(1820 году) тут, на могілках.
Але вернемся да самаго касцёла. Падчас ліхіх савецкіх часоў ён напрыклад ажыццяўляў ролю бібліятэкі. Ну бібліятэка — гэта не склад і не хлеў, хоць на гэтым дзякуй. А з боку брамы будынак выглядае наступным чынам:
Ужо калі з’язджаў з Івянца, заўважыў дзіўны дах. І адначасова шыкоўны дах. Нажаль не ведаю гісторыю яго стварэння, але выглядае цудоўна. Дах, як мае быць.
Па дарозе сустрэў крыху слядоў павадку. Пасля апошніх не вельмі снежных зім павадак у нашых шыротах, нажаль, — досыць рэдкая з’ява.
Каб не ехаць з Івянца да Дзяржынска каля 40-50 кіламетраў без ніводнай цікавосткі, збочыў на вёску Волма.
На пагорку мяне сустрэў дзіўны касцёл, які быў пабудаваны ў 90х гадах мінулага стагоддзя.
Але ж Волма на гэтым не заканчваецца. Таму што менавіта тут знаходзіцца былая сядзіба Ваньковічаў, таго самага старадаўняга рода, які ідзе аж з 1499 года. Ну і шмат хто ведае пра іх больш знакамітую сядзібу ў Менску.
У Волме ж сядзіба больш сціплая(датуецца, дарэчы, XIX ст.):
Калі праехаць у бок возера, то можна пабачыць маляўнічую руіну — рэшткі капліцы-усыпальніцы Ваньковічаў.
Ну а яшчэ ў Волме ёсць драўляны млын сярэдзіны XIX стагоддзя.
А свае самыя патаемныя мары трэба шукаць у Дзяржынскім раёне.
Праз некалькі няблагіх пагоркаў паказаўся і беларускі Эльбрусік — гара Дзяржынская з вышынёю 345 метраў. Тут я і дазволіў сабе апошні на гэты дзень адпачынак, якасна з’ядаючы ўсе свае харчы.
Да самаго Дзяржынска даехаў без якіх-небудзь прыгод, да цягніка заставалася не так шмат часу, таму праехаўся па цэнтральным вуліцам у пошуках чыгуначнага вакзалу.
За гэты час давялося пабачыць Касцёл Святой Ганны, пабудаваны ў 1785 годзе. Дарэчы, у савецкія часы тут знаходзілася музычная школа, а потым яго зноў перадалі вернікам. Ну і выбачайце за завалены гарызонт.
Яшчэ адзін будынак, які прыцягнуў увагу — гэта габрэйская пачатковая школа. Ну пагадзіцеся, вельмі гарманічна выглядае ў маленькім горадзе?
Дарэчы, за дзень атрымалася каля 100 км, што даволі няблага, калі яшчэ ўлічваць, што гэтая сотка першая за гэты год. Усім дзякуй за ўвагу, да наступных сустрэчаў. Хацеў бы напісаць «стаўце падабайкі, падпісвайцеся на канал», аднак мы жа не на ютубе:)
Прыгожыя здымкi, бро;) Вельмi сонечныя i ясныя. Асаблiва спадабалася тая, дзе надпiс «Жыве Беларусь» на дахе. Я прыемна уражаны. З iншага боку надпiс «Не дыкрэту нумар тры»?
Дзякуй:)
Не, надпіс быў зроблены значна раней, на ранейшых фатаздымках ён ярчэй, чым зараз. А так, усё адпавядае мясцінам, сапраўдная Беларусь:)